Іван Купала, ці, як гавораць на Беларусі, Купалле, – старажытнае свята летняга сонцастаяння, якое традыцыйна адзначаецца 7 ліпеня. Слова «Купалле» мае некалькі трактовак. Найбольш шырокая — ад старажытнаславянскага «купець» (гарэць). Выдзяляюць таксама і індаеўрапейскі корань «куп» («кіпець», «горача жадаць»), які па свайму значэнню блізкі да лацінскага cupido (імкнуцца, ускіпаць), ад якога і паходзіць імя Купідона. Але назва можа паходзіць і ад «куп» у значэнні «група людзей».
Але найбольшую цікавасць выклікае ноч напярэдадні Купалля. Гэта ноч традыцыйна напоўнена абрадамі, якія звязаны з вадой, агнём, травамі. Лічыцца, што ў сваёй першабытнай форме Купалле лепш за ўсё захавалася менавіта на беларускіх землях.
Паводле народных павер’яў, рэкі ў гэту ноч свецяцца асаблівым прывідным святлом, а звяры, птушкі і нават дрэвы атрымліваюць дар мовы. Адначасова Купалле — час разгулу змрочных сіл прыроды: ведзьмы і ведзьмары нібыта імкнуцца адабраць у кароў малако, зрабіць заломы ў жыце і інш. Яны ператвараліся ў жаб, змей, прабіраліся ў хлеў, шкодзілі жывёлам. Але самай чароўнай з'явай гэтай ночы з'яўляецца папараць-кветка. Гэта - чароўная расліна, якая распускалася ўсяго раз за год і надавала чалавеку магічныя якасці: ён пачынаў разумець мову жывёл і дрэў, бачыць скрозь зямлю схаваныя скарбы, лячыць людзей ад розных хвароб, ведаць будучыню.
Каб знайсці гэтую кветку, у купальскую ноч трэба выйсці ў лес аднаму, без факела, без ліхтара. Трэба зайсці ў такія лясныя нетры, з якіх не чутно нават пеўняў і сабак з роднай вёскі. Кажуць, што папараць-кветка зіхаціць у цемры. Трэба параніць далонь, сціснуць у гэтай далоні кветку і скіравацца дадому. Нячыстая сіла будзе гаманіць, пужаць, але не трэба азірацца. Атрымаўшы папараць-кветку, чалавек набудзе здольнасць бачыць тое, што іншым нябачна.
Акрамя гэтага, існавалі і іншыя абрады. Так, Яшчэ днём дзяўчаты збіралі купальскія (святаянскія) зёлкі, што, як лічылася, мелі асаблівую лекавую моц. Цэнтральнае месца ў абрадах і гульнях займала купальскае вогнішча. Праз яго людзі скакалі, у ім спальвалі кола-"сонца", адзенне хворых, старыя рэчы).
У абраднасці Магілёўшчыны Купалле паўставала жывым жаночым персанажам, які звалі «Дзеўка-Купала». Яе ролю выконвала самая прыгожая дзяўчына вёскі. Іншыя дзяўчаты распраналі яе і абмотвалі лісцем і галінкамі, на галаву клалі вянок. Потым яе вялі ў лес, дзе былі падрыхтаваныя вянкі. Дзяўчыне завязвалі вочы, і яна раздавала іншым дзяўчатам вянкі. Каму даставаўся свежы вянок — значыць, той жыць шчасліва, каму завялы — той «не бачыць шчасця».
Купалле
Хадзем, дзяўчаткі, на Купалу,
Хадзем, сястронкі, агонь класці.
…Пільнаваці жыта й пшаніцы
Ад тое ведзьмы-чараўніцы,
Каб яна па межах не хадзіла,
Раннія расы не абівала.
…З жыта спору не збірала.
Яшчэ са старажытных часоў жыццё чалавека было цесна пераплецена з песняй. Людзі спявалі, калі ў іх здаралася шчасце. Жаласліва вылі, калі бачылі ў сябе на парозе смерць. Дапамагалі сабе песняй, калі ўсёй вёскай выходзілі на поле. Ні адно свята не заставалася без музыкі. Людзі не гаварылі пра высокае, у песнях спявалася пра жыццё, пра тое, што чалавек бачыў вакол сябе. Кожная песня - летапіс чалавечага жыццця. Менавіта з іх мы даведваемся пра тое, як жылі наші продкі, аб чым думалі і марылі, якія святы адзначалі.
Адна з такіх песень як раз і прыведзена вышэй.
Таксама існавалі і іншыя абрады. Напрыклад, людзі выконвалі разнастайныя рытуалы аховы дамоў і палёў ад нячыстай сілы; прасілі багатага ўраджаю і дастатку; спявалі абрадавыя песні і вадзілі карагоды, гулялі ў шумныя вясёлыя гульні; правадзілі рытуал ачышчэння вадой на ўзыходзе сонца, умывалоіся расой. Здаўна ў Купаллі ўдзельнічалі ўсе жыхары сяла ад малога да вялікага, бо толькі ўсеагульнае выкананне абрадаў забяспечвала дабрабыт. Дзяўчыны варажылі на будучае, пускаючы па вадзе купальскія вянкі.
Купальскія вянкі, сплеценыя з розных кветак, лічыліся магічнымі. Людзі верылі, што іх моц толькі ўзрастае, калі асвяціць іх у царкве ці касцёле. Раніцай пасля Купальскай ночы дзяўчаты і хлопцы сустракалі світанак, назіралі, як сонца «грае» , купаліся ў вадзе, каталіся па траве з купальскімі росамі, каб набрацца сілы.
Кожны год з надыходам самых доўгіх летніх дзён і кароткіх начэй у Беларусі на берагах рэк і азёр святкуюць Купалле. Сёння гэтыя гулянні аб'ядноўваюць старажытныя традыцыі і рытуалы, тэатралізаваныя канцэрты і вясёлыя гульні.